04 снежня ў нашай школе адбылося цікавае мерапрыемства, прысвечанае знакавай даце – 95-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Літаратурная гасцёўня пад назвай «Быў. Ёсць. Буду» сабрала вучняў 7-11 класаў, каб разам паразважаць над творчасцю і спадчынай вялікага пісьменніка.
Старшакласнікі з задавальненнем падзяліліся з прысутнымі цікавымі фактамі з біяграфіі Караткевіча. Яны распавялі пра яго дзяцінства, гады вучобы, шматлікія падарожжы, а таксама падкрэслілі яго незвычайную эрудыцыю і ту неацэнную ролю, якую ён адыграў у станаўленні беларускай літаратуры.
Далейшы працяг сустрэчы быў прысвечаны вуснаму часопісу «Любоў мая, Беларусь!». Вучні з глыбокім пачуццём чыталі выбраныя вершы Караткевіча. Гучалі пранікнёныя радкі, напоўненыя любоўю да роднай зямлі, яе багатай гісторыі, прыгажосці прыроды і, вядома ж, да моцных пачуццяў. Музычнасць і глыбіня вершаў Караткевіча дазволілі слухачам адчуць усю моц яго паэтычнага таленту.
Уладзімір Караткевіч – гэта сапраўды цэлая эпоха ў беларускай культуры. Ён здолеў ператварыць гісторыю Беларусі ў захапляльную прыгоду, напоўніўшы яе яркімі вобразамі і рамантычным духам. Вельмі важна, што праз такія жывыя і эмацыянальныя чытанні маладое пакаленне мае магчымасць дакрануцца да яго неацэннай творчай спадчыны і адкрыць для сябе свет Караткевіча.















